Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца: лонг-ліст

15.70 КБ

12 студзеня журы Літаратурнай прэміі Гедройца вызначыла лонг-ліст прэміі,
у які ўвайшлі кнігі 12 беларускіх празаікаў, выдадзеныя цягам 2011 году.
У сьпіс увайшлі наступныя аўтары і іх творы:

1. Уладзіслаў Ахроменка “Тэорыя змовы” (Менск: Логвінаў)
2. Альгерд Бахарэвіч “Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”)
3. Лявон Вольскі “Міларусь” (Менск: Мэдыял, сэрыя “Кнігарня Пісьменьніка”)
4. Віктар Карамазаў “Мастак і парабкі” (Менск: Мэдысонт)
5. Павал Касьцюкевіч “Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту” (Менск: Логвінаў)
6. Артур Клінаў “Шалом: ваенны раман” (Менск: Логвінаў, сэрыя “Кнігарня “Нашай Нівы””)
7. Аляксандар Лукашук “Сьлед матылька. Освальд у Менску” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”)
8. Ян Максімюк “Словы ў голым полі” (Менск: Логвінаў, сэрыя “Галерэя “Б”)
9. Віктар Марціновіч “Сьцюдзёны вырай” (электроннае выданьне, 34mag.net)
10. Ала Сямёнава “У сьвятой краіне выгнаньня” (Менск: Кнігазбор, сэрыя “Кнігарня пісьменьніка”)
11. Андрэй Федарэнка “Мяжа” (Менск: Літаратура і Мастацтва, сэрыя “Лімаўскі фальварак”)
12. Макс Шчур “Ліст, знойдзены на папялішчы” (Познань: Белы крумкач)


Заснавальнікі Літаратурнай прэміі Гедройца – Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-Цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Прэмія будзе прысуджаная за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы, дакументальнай прозы, эсэістыкі.

На пачатку лютага 2012 году будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі.
Ушанаваньне ляўрэата адбудзецца 3 сакавіка ў Міжнародны дзень пісьменьніка ў Менску.

Сярод узнагародаў – магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

ГАЛОЎНЫ ПЕРАМОЖЦА АТРЫМАЕ ГРАШОВУЮ ЎЗНАГАРОДУ, СПОНСАР ЯКОЙ – ЗАТ “СОМБЕЛБАНК”.

Мэты прэміі:
- ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Jerzy Gedroyc) (1906 – 2000) – публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыскага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura» на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску і ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай;
- паспрыяць паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
- папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы;
- падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень.

Журы прэміі:
Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Людміла Рублеўская, Маргарыта Аляшкевіч, Адам Паморскі, Пётр Казакевіч, Лешак Шарэпка (ганаровы старшыня журы).

Сакратарка прэміі – Марыя Мартысевіч.
Кантакты: (017)2881461 (з 9:00 да 16:00 па буднях)
e-mail:penkonkurs@gmail.com

Прокомментируете?

“Па якім мяняеце курсе?”: Андрэй Хадановіч адкрыў свой “Абменнік” (+mp3) | Будзьма разам!

77.28 КБ

Мы прэзентуем для свабоднага запампоўвання аўдыёдыск паэта Андрэя Хадановіча “Абменнік”, які пабачыў свет у 2007 годзе і ўжо амаль адсутнічае на паліцах крамаў. У складанку ўвайшлі як вершы самога Андрэя Хадановіча, так і творы пяці знакамітых замежных паэтаў, перакладзеных ім на беларускую мову. Усяго кружэлка змяшчае 35 вершаў, агульная працягласць гучання складае 44 хвіліны.
Прокомментируете?

ФЭСТ АДНАГО ВЕРША-2012

Літаратурнае аб'яднанне “Майстэрня. Пр. Незалежнасці, 43” запрашае:

Вечарына па выніках ФЕСТЫВАЛЯ АДНАГО ВЕРША адбудзецца
12 студзеня 2012 г.
Музей Купалы,
а 19.00.

АПОШНІ ТЭРМИН ПАДАЧЫ ВЕРШАЎ - ДА 5 СТУДЗЕНЯ (гэта сёньня).

Для ўдзелу у фестывалі неабходна на адрас
gggbbb2007@gmail.com
або
dorefa@yandex.ru

даслаць (з пазнакай “фэст”) ліст, які змяшчае:

1) верш на зімовую, калядную або навагоднюю тэматыку;
2) псеўданім, пад якім ваш тэкст будзе прадстаўлены журы;
3) вашыя імя, прозвішча, горад, краіну, нумар хатняга і мабільнага
тэлефонаў, e-mail (дасылаць хатні адрас не трэба).

Сябры журы Фэста-2011:

1. Алесь Камоцкi, паэт, музыка
2. Андрэй Хадановіч, Беларускi ПЭН-цэнтр
3. Андрэй Васілеўскі, галоўны рэдактар часопіса “Новый мир” (РФ);
4. Вiктар Шнiп, “Мастацкая лiтаратура”
5. Вольга Базылёва-Клiмко, паэт, пераможца Фэста-2007 i 2008 гг.
6. Дзмітрый Строцаў, паэт, выдавец
7. Кірыл Кавальджы, інтэрнэт-часопіс “Пролог” (Фонд СЭІП) (РФ);
8. Людмiла Рублеўская, “Беларусь Сегодня”, “Лiтаратурны квартал”
9. Наталля Капа, “Нёман”
10. Пятро Васючэнка, пісьменнік, літаратуразнавец
11. Сяргей Пукст, паэт, музыка
12. Юры Сапажкоў, “Нёман”
Прокомментируете?

Калядныя пераклады на "ПрайдзіСьвеце"

Чарлз Дыкенс. Калядны харал. Страфа другая
Сяргій Жадан. Яна ведае ўсе шлягеры гэтага году. Апавяданне
Джон Мэйсан Ніл. Добры князь Венцлаў. Калядка
Ганна Янкута. Год 2011: Што, хто, з якой мовы. Агляд

Чытаць тут.
Прокомментируете?

Найлепшыя кніжкі 2011-га, суб’ектыўна

Шмат хто, падводзячы вынікі году, робіць кніжныя рэйтынгі. Зрабіў і я свой для "Нашай Нівы". Што праўда, там давялося зьмяшаць у кучу ўсе жанры, а гэта, мне здаецца, не зусім правільна. Тут спрабую неяк усё разьмеркаваць па намінацыях, хоць падзел на "прозу" і "эсэістыку" дзе-нідзе выглядае сумнеўным. :) З тэхнічных прычынаў тут адсутнічаюць дзьве кнігі, якія часта згадваюць мае калегі. Апошнюю кнігу Някляева яшчэ не трымаў у руках, а кнігу Віталя Рыжкова лічу, усё-ткі, найлепшай паэтычнай кнігай 2010-га.

Паэзія:
1-2. Антон Францішак Брыль. Не ўпаў жолуд. Мінск: “Логвінаў”, 2011.
1-2. Марыя Мартысевіч. Амбасада: вершы свае і чужыя. Мінск: “Кнігазбор”, 2011.
3. Ігар Кулікоў. Паварот на мора. Менск, 2011.

Проза:
1. Павал Касцюкевіч. Зборная РБ па негалоўных відах спорту. Мінск: “Логвінаў”, 2011.
2. Макс Шчур. Ліст, знойдзены на папялішчы. Познань: “Белы Крумкач”, 2011.
3. Артур Клінаў. Шалом: Ваенны раман. Серыя "Кнігарня "Наша Ніва". Мінск: “Логвінаў”, 2011.
4. Лявон Вольскі. Міларусь. Мінск: “Кнігарня пісьменніка”, 2011.
5-7. Уладзіслаў Ахроменка. Тэорыя змовы. Мінск: “Логвінаў”, 2011.
Сяржук Вітушка. Дзінь-дзілінь: Казкі. Мінск: “Колас”, 2011.
Серж Мінскевіч. Сад замкнёных гор. Мінск: “Галіяфы”, 2011.

Эсэістыка:
1. Альгерд Бахарэвіч. Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча. Радыё "Свабода", 2011.
2. Віктар Шалкевіч. Requiem па непатрэбных рэчах. Гародня, 2011.
3. Ян Максімюк. Словы ў голым полі. Мінск: “Логвінаў”, 2011.

Пераклады:
1. Чэслаў Мілаш. Чатырохтомнік: Выратаванне, Родная Еўропа, Даліна Ісы, Зямля Ульра. Мінск: “Логвінаў”, 2011.
2. Эдгар По. Маска Чырвонае Смерці: Выбраныя навелы, вершы, эсэ. Мінск: “Кнігазбор”, 2011.
3-4. Герман Гэсэ. Стэпавы воўк. Мінск: “Колас”, 2011.
Тувэ Янсан. Капялюш чарадзея. Мінск: “Колас”, 2011.

З Калядамі й Новым годам, шаноўныя аўтары, перакладчыкі, выдаўцы і літаратурныя крытыкі!
Прокомментируете?

Прэмія Гедройца за найлепшую кнігу прозы

15.70 КБ

Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь
Польскі Інстытут у Менску
Беларускі ПЭН-Цэнтар
Саюз беларускіх пісьменьнікаў

абвяшчаюць пра заснаваньне ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА
за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў 2011 годзе на беларускай мове.

МЭТЫ ПРЭМІІ
- ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Jerzy Gedroyc) (1906 – 2000) – публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыскага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura» на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску і ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай;
- паспрыяць паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
- папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы
- падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень

УМОВЫ ПРЭМІІ
Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках).

Намінаваньне пройдзе ў тры этапы. На пачатку 2012 г будзе абвешчаны лонг-ліст прэміі (12 пазіцыяў). На пачатку лютага будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі (6 пазіцыяў). Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы(-аў) адбудзецца 3 сакавіка 2012 году, у Міжнародны дзень пісьменьніка. Сярод узнагародаў – магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

Права прапаноўваць кнігі для ўключэньня ў лонг-ліст прэміі маюць: сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменьніцкіх арганізацыяў і (у пэрспэктыве) ляўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-Цэнтру падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.

ЖУРЫ ПРЭМІІ
Валянцін Акудовіч – філёзаф, эсэіст
Маргарыта Аляшкевіч – літаратурны крытык
Уладзімір Арлоў – паэт, празаік, эсэіст
Пётр Казакевіч – дырэктар Польскага Інстытуту ў Менску
Адам Паморскі – перакладчык, прэзыдэнт Польскага ПЭН-клубу
Барыс Пятровіч – празаік, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”
Людміла Рублеўская – паэтка, пазаік, літаратурны крытык
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Лешак Шарэпка– Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (ганаровы старшыня журы).

КАНТАКТЫ ДЛЯ ПАДАЧЫ ЗАЯВАК
Паштовы адрас: 220050 Мінск, а/с 218.
Адрас сядзібы Беларускага ПЭН-Цэнтру г.Мінск, вул. Залатая горка 2-101.

ТЭРМІН ПАДАЧЫ ЗАЯВАК
Журы працуе з канца лістапада 2011 году. На сёньня разгледжана больш за дваццаць кніжных пазіцыяў. Аднак у ахвочых яшчэ ёсьць магчымасьць падаць заяўку да 10 студзеня 2012 г.
Даведкі па пытаньнях вылучэньня: (017)2881461 (з 9:00 да 16:00 па буднях) e-mail:pen@vessobel.by

Прокомментируете?

24 СЬНЕЖНЯ 2011 ГОДУ

Сёньня ў хату цішком
Дзед пракраўся зь мяшком,
А ў мяшку, відавочна, заначка.
Барадой – Дзед-Мароз,
Майка з надпісам “ШОС!”
Ну, заходзь, калі ты не гарачка!

Ён сказаў мне: “Шалом!”
І ўдваіх за сталом
Мы падводзілі вынікі году,
Ігнаруючы пост,
І гучаў кожны тост:
“За падманы! За страты! За шкоду!”

Я сказаў, што хлусьня
Адусюль і штодня:
“Нават сьнег падмануў і ня выпаў,
Нават мроі ды сны –
Разнавіднасьць маны.
Вось і ты… Тост сказаў, а ня выпіў!”

А дзядок у адказ
Выпіў з келіха раз,
Выпіў два – і сьмяецца, як д’яблік:
“Усё праўда, але
Ёсьць віно на стале,
Мандарыны, карыца і яблык!

Усё праўда, аднак
Будзе зорка як знак,
Што надзея ня зьнікла дашчэнту,
А сябры, як цары,
Ўжо рыхтуюць дары,
І малы будзе рады прэзэнту!

Хай пэтарды ўгары
І – “Ялінка, гары!”,
І згадаецца нам, як калісьці,
Пра калядны настрой,
Пра спаўненьне ўсіх мрой
І пра ўсіх немаўлят у калысцы.

Хай увечары двор
Пасьвятляе ад зор
І, сігаючы ў санкі з разьбегу,
Ад Раства да Раства
Лепіць сьнежкі дзятва,
Бо нарэшце нападае сьнегу!”
Прокомментируете?

Беларускі ПЭН-цэнтар смуткуе з нагоды сьмерці Гаўла

Беларускі ПЭН-цэнтар смуткуе з нагоды сьмерці Гаўла
Прокомментируете?

Дзіма Строцаў. Газэта для "ПрайдзіСьвета"

З пэўным спазьненьнем (усё рукі не даходзілі), але не магу не пахваліцца.
Выйшаў новы нумар "ПрайдзіСьвету". Як на мяне, вельмі цікавы. Беларускі. Зь дзьвюх частак.
Першая частка - беларускія аўтары ў перакладах на розныя мовы (ёсьць і Ваш пакорны слуга).
Другая - небелмоўныя аўтары ў перакладах на беларускую.
Сярод апошніх - фрагмэнты з новай кнігі Дзімы Строцава "Газэта" ў маіх перакладах.

ДЗІМА СТРОЦАЎ

КАЛОНКА РЭДАКТАРА

дзмітрый строцаў
рэдактар газеты
голая праўда
зрабіў татуаж
на сваёй скуры
у выглядзе
юбілейнага выпуску выдання
за 12 красавіка
бягучага году

праект здзейснены
з захаваннем параметраў
спуску палосаў
колернасці
інфармацыя
раўнамерна
размеркаваная
па целе дзмітрыя

унікальны асобнік голай
ужо дэманстраваўся
на форуме смі
зрэз часу

строцаў разлічвае
што помнік боды-арту
перажыве свайго творцу
што пасля смерці

з яго зробяць чучала
якое паставяць
на вечны агляд
у музеі газеты

або ў кабінеце
будучага рэдактара
голай праўды

Больш перакладаў у "ПрайдзіСьвеце".
Прокомментируете?

Святлана Алексіевіч атрымала прэмію “Ангелус”

Шчырыя віншаваньні аўтарцы!
Gratulacje dla jej tlumacza, drogiego przyjaciela Jurka Czecha!

http://prajdzisvet.org/events/806-premiju-Angelus-atrymala-sviatlana-alieksijevich.html
http://euroradio.by/report/svyatlana-aleksievich-atrymala-premiyu-angelus-78976
Прокомментируете?